Дыскусія першая: “Kinder – Küche – Kirche – Knihi”

Творчая прастора BYBOOKS, ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", выдавецкая серыя “Кнігарня “Наша Ніва”, МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” прадстаўляюць дыскусійны праект “Жаночы досвед у літаратуры і грамадстве”

8 красавіка а 19  гадзіне дыскусія першая: “KinderKüche Kirche Knihi

Гаворым пра асаблівасці жаночага пісьма як такога і беларускага ў прыватнасці на падставе двух зборнікаў жаночай прозы - “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю” (Кнігарня Наша ніва, 2007) і “Пакахай мяне, калі ласка” (Кнігарня пісьменніка, 2009).

 Удзельнікі

1) Мадэратары: Вольга Гапеева і Ірына Герасімовіч

2) Дыскусанты: Ірына Саламаціна, Святлана Калядка, Ігар Бабкоў,  Аляксандра Дынько, Барыс Пятровіч

3) Аўтаркі.

Тэмы для абмеркавання:

1. Праблема тэрміналогіі. Жаночая літаратура vs мужчынскай літаратуры

2. Зборнікі з удзелам выключна жанчын-аўтарак: ружовае гета ці спроба заявіць пра сябе, зрабіць сябе бачнай.

3. Падыходы да вывучэння і аналізу літаратурнай творчасці жанчын: акадэмічная прастора і інстытут крытыкі

 Месца правядзення дыскусій – кнігарняЎгалерэі (Мінск, пр.Незалежнасці, 37А)

Кіраўнік праекта:

Аляксандра Дынько,

каардынатар творчай прасторы BYBOOKS

Кантакт:

+375 29 872 26 35

+375 44 754 58 91

bybooks.by@gmail.com

skype: alaksandra.dynko

 

РЕЦЕНЗИЯ на книгу “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю”. Беларускае жаночае апавяданне. Серыя “Кнігарня “Наша ніва.” Мінск. Выдавец І. Логвінаў. 2007.

Алена Гапава
ЖАНЧЫНЫ ЗАСТАЮЦЦА ПАД КАНТРОЛЕМ альбо ці могуць прыгнечаныя гаварыць

Боюсь мешанины стилей, например - ренессанса соцреализма.
Станислав Ежи Лец (1)

Гэта кароткая кніжная рэцэнзія мае ў сваёй назве “культавую” фразу “Ці могуць прыгнечаныя гаварыць?”, якая на самой справе ёсць назвай эсэ (2) амерыканскай даследчыцы індыйскага паходжання Гайтры Співак. Эсэ “Can a Subaltern Speak?”(1986) сталася адным з устаноўчых тэкстаў посткаланіяльнай і фемінісцкай тэорый, таму што паклала фундамент пад паняцце “іншасці.” Пад “прыгнечанымі” Співак разумее, ўслед за італьянскім марксістам Антоніа Грамші, усіх, каго можна вызначыць як “іншых.” Іншыя – гэты тыя, хто адрозніваюцца ад групы, што (ў сілу гістарычных і сацыяльных прычынаў) складае ці вызнычае канон. Іншымі могуць быць беларускамоўныя – калі канонам лічацца расейская мова, альбо людзі з каляровай скурай – калі канонам стаўся “белы чалавек”, альбо геі – калі канонам ёсць гетерасексуальная норма, альбо жанчыны – таму што гістарычна пад “чалавекам” разумеўся мужчына і г.д. Іншасць – гэта вечнае адрозьненьне; пастаянная апазыцыя; “прыгнечаны” заўсёды ёсць тым і толькі тым, чым ён не ёсць “нармальным.”

Сэнс пытання, што паставіла ў сваім эсэ Гатйры Співак, у наступным. Ці могуць, пісала яна, іншыя (“прыгнечаныя”) быць пачутымі? Ці здольны яны растлумачыць сябе? Каб данесці сваю праўду, трэба спачатку прайсці праз самаасэнсаванне і выпрацаваць сваё калектыўнае “мы,” пачаць размаўляць “сваім голасам,” у той час як “ведаў пра сябе” у “каланізаваных” няма, бо яны бачаць сябе вачамі “каланізатара,” які заўсёды гаворыць пра іх адрозненне. Фармальна яны гавораць, але, загаварыўшы, кажуць “не свае,” таму што (рэ)прадуцыруюць сваё адрозьненьне. Ці могуць прыгнечаные размаўляць, калі за іх, ад іх імя заўсёды гаворыць нехта іншы, хто “укладае” ў іхныя вусны свой тэкст?

Ці могуць прыгнечаныя гаварыць, падумала я, пачаўшы чытаць кніжку з канцэптуальнай назвай “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю. Беларускае жаночае апавяданне,” што выйшла на пачатку лета ў серыі “Кнігарня “Наша ніва.” У ідэале такая падзея магла б сведчыцць пра зрухі як у беларускім грамадстве, так і ў мастацтве, бо “выхад жанчын з-пад кантролю” ёсць сацыяльнай з’явяй, што адбываецца на пэўных ступенях ва ўсіх складаных грамадствах. Там, па шэрагу прычынаў, людзі пачынаюць па-новаму атаясамліваць сябе і канструяваць сваю ідэнтычнасць, “успамінаючы”, што яны жанчыны, альбо геі, альбо прадстаўнікі нейкай этнічнасці, рэлігіі ці культуры, і такое “асмысленне сябе,” знаходжанне свайго голасу адбываецца праз выхад як у палітіычнае жыцце, так і ў мастацтва. Таму публічныя “размовы” на гэтыя тэмы ёсць сведчаннем адпаведных мадэрнізацыйных працэсаў, эстэтычнага шматгалосся і складанага інтэлектуальнага жыцця.

Аднак кніжка пакідае ўражэнне, што ўзнікла яна зусім не з тых працэсаў, пра якія я ўзгадала, і асмыслення на самой справе няма, а ёсць імкненне зрабіць выгляд, што ў нас так, “як там.” Скапіраваць заходні прадукт. Але “там” такія праекты робяцца усё ж-такі іначай, як па форме, так і па зместу, і таму спачатку я вельмі каротка скажу, чаму “там” выходзяць зборнікі жаночых тэкстаў і якая ў тых праектаў філасофія. Тады, можа быць, стане зразумела, чаму яны маюць інтэлектуальнае права на існаванне, а грамадства ставіцца да іх сур’ёзна.
Пра жаночы тэкст, пісьмо, жаночае аўтарства як з’явы і ці яны ўвогуле існуюць, можна спрачацца (тэкст Анны Ўлюры пра тое раскажа лепей, чым гэта магла б зрабіць я), бо жанчыны зусім не заўсёды бачаць пол сваёй галоўнай ідэнтычнасцю і пісаць могуць па-рознаму: як і мужчыны, якія могуць не лічыць, што перш за ўсё вызначаюцца праз пол. Але нават калі жанчыны праз свой пол не думаюць, пра гэта доўга думаў “каланізатар,” бо існавалі забароны як на жаночаю адукацыю, так і на прафесійныя заняткі, і таму гісторыя жаночага пісьменніцтва можа разглядацца як гісторыя барацьбы за тое, как стацца пачутымі. Пра гэта пісала фемінісцкі семіотык Терэза дэ Лаўрэтис: “Мільёнамі слоў жанчыны пісалі кнігі, не гаворачы пра дзённікі і лісты, аб тым, праз што трэба прайсці, каб проста пісаць, і колькі жанчын не маюць нават гэтага. Мы пісалі пра наша пісьмо і пра падаўленне гэтага пісьма; мы пісалі пра наша маўчанне і наша вар'яцтва, пра нашую маргінальнасць і нябачнасць, пра адмаўленне нас і наша адрозьненьне...»(3)

Першыя прафесійныя пісьменніцы імкнуліся стацца часткай літаратурнуга канону, і часта бралі сабе мужчынскія імены (Жорж Санд ці Джордж Эліот адразу прыходзяць на розум), каб лягчэй друкавацца. Менавіта жаночыя тэксты тых часоў часта з’яўляецца прадметам аналізу, і ў гэтым ёсць рацыя: аўтарства, абумоўленая пэўнай сацыяльнай сітуацыяй, вымагае даследвання, бо дазваляе зразумець як саміх аўтараў, так і іх час. Акрамя таго, зборнікі такіх тэкстаў робяцца, каб знайсці і захаваць тое, што ёсць невядомай часткай гісторыі чалавечай культуры.
Паступова “субкультуры каланізаваных” маюць тэндэнцыю паўставаць супраць канону, які вымагае іх “наступаць на горла ўласнай песне”, і пачынаюць “атакаваць” традыцыйныя мастацкія каштоўнасці і стандарты пісьма, патрабуючы прызнання свайго творчага суверэнітэту. Яны пачынаюць гаварыць пра свае праблемы і рабіць намаганні стацца пачутымі як носьбіты асаблівага досьведу – прыблізна так, як рабіў гэта Шолам Алейхем, які першым прыцягнуў увагу да габрэйскага жыцця, габрэйскпй крыўды і імкнення людзьмі звацца. Зборнік, састаўлены з такіх жаночых тэкстаў такого накірунку, мае сэнс, бо ёсць сведкай пэўнага сацыяльнага досведу і пошуку ідэнтычнасці (акрамя таго, што гэта добрая літаратура).

З цягам часу і сацыяльных зменаў тая частка “каланізаванай групы,” што бачыць сваёй галоўнай ідэнтычнасцю пол (альбо мову, альбо рэлігію, альбо сэксуальнасць і г.д.) “адкрывае” сябе як самастойных актараў і пачынае шукаць сродкі самавыражэння, свабодныя ад усялякіх аглядак на каноны і іх гаспадароў. Яна паўстае, каб тварыць свой канон, забудоўвае сваю ўласную прастору, займаецца пошукамі сваёй мовы і выпрацоўвае свой голас. Быццам бы вычэрпаваўшы магчымасці звыклай мовы і выразных сродкаў, паставіўшы пытанне, “ці могуць прыгнечаныя гаварыць,” ці могуць яны сказаць сваю праўду на “старой” мове, аўтаркі вынаходзяць раней забароненыя тэмы, эксперыментуюць і бураць табу. Часам такія тэксты лічаць самастойным “жаночым пісьмом,” якое існуе “на самай мяжы” творчых эксперыментаў. Гэта мае права на існаванне яшчэ і таму, што не пытае у нас быць яму ці не: яно ёсць і яно добра бачна.
Здаецца, што зборнік “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю” не падпадае ні пад адну з апісаных тэндэнцыяў і здзяйсняе іншую мэту, далёкую ад выкрыцця менавіта жаночых праблемаў аўтарства. Кніжка з назвай “Беларускае жаночае апавяданне” на самой справе ёсць зборнікам апавяданняў, што былі надрукаваныя ў газеце НН за апошнія прыблізна 10 надоў. А гэта ўжо зусім іншая справа. Таму што, па-першае, апавяданняў у газеце друкуецца не вельмі шмат ўвогуле (гэта перш за ўсё інфармацыйны рэсурс) – і такім чынам кола выбару атрымліваецца абмежаваным. Па-другое, як і кожнае выданне, НН мае пэўную арыентацыю, і ў яго “свае” аўтары. Не добрыя ці кепскія, а больш-менш “свае.” Такім чынам, кніжка ёсць зборнікам “жаночых” апавяданняў газеты “НН”: яна выйшла ў кніжнай серыі, прысвечанай яе стагоддзю.

Увогуле, гэта нармальна: калі газета хоча выдаць свае матэр’ялы – яна мае на гэта права. Калі яна знаходзіць на гэта грошы – добра. Калі ж яна робіць выгляд, што прадстаўляе “беларускае жаночае апавяданне”, атрымліваецца падман чычаючай грамадскасці, а такія рэчы не адбывацца проста так. Яны заўсёды маюць прычыну і мэту, адносна якіх можна рабіць здагадкі: чаму газэта, што выходзіць мізэрным тыражом (што часткова ёсць рэзультатам палітыкі дзяржавы адносна незалежных выданняў), робіць выгляд, што друкуе рэпрэзэнтатыўны том. У рэшце рэшт, калі ўрад прымаў пастанову адносна таго, хто можа карыстацца ў назвах словамі “беларускі” і “нацыянальны”, ён меў пэўную рацыю. Складальнікі зборніку праз гэтую рацыю пераступілі, выкарыстаўшы назву “беларускія” дзеля сваех мэтаў.

Я не ведаю, менавіта якімі тыя мэты былі. Можа, фундатар быў зацікаўлены падтрымаць выданне толькі на ўмовах “агульнанароднай” справы. Можа, стваральнікі імкнуліся такім чынам павялічыць значнасць сваёй газеты альбо свой ўласны сацыяльны капітал. Можа быць і так, што яны і сапраўды уяўляюць, што гавораць “ад імя і па даручэнні” (з інтэлектуаламі такое адбываецца). Можа яшчэ што, але гэта толькі мае здагадкі. Рэдацыя – у тэлефоннай размове - не хавае, што друкуе “свае” апавяданні і, мне падалося, не бачыць у гэтым аніякай нестыкоўкі.
Другая рэч, што бянтэжыць адразу: у кніжцы адсутнічае рэдактар, складальнік альбо іншы “афарміцель дыскурсу.” Такім чынам складаецца ўражанне, што мы маем справу альбо са з’явай прыроды (кніжка ўзнікла сама сабой, як жыццё ў кучы сьмецця ў Арыстотэля), альбо з народным – жаночым – эпасам ці калектыўным розумам. Можа, жанчыны, якім баліць выказацца, сапраўды выйшлі з-пад кантролю, сабраліся разам (колькі іх было? якая ж была патрэбна плошча?) і ў адзіным парыве склалі зборнік, адабралі творы, бо кожны, самы дэмакратычны, спіс усё ж ёсць актам сэлекцыі, напісалі даведкі пра саміх сябе ў трэцяй персоне (альбо адна на адну? як адбіралі, хто на каго напіша?), знайшлі аўтарку для прадмовы (цікава, каго прапанавалі і як праходзіла галасаванне? можа, аднагалосна?), заказалі вокладку і пераканалі грантадаўцу, што іх праект заслугоўвае падтрымкі? Дарэчы, такая салідарнасць сапраўды яе заслугоўвае, бо ёсць рэзультатам важнага працэсу самавызначэння.
Можа, такія рэчы здараюцца ў лепшым з сусветаў, але ў нашым нехта усё ж рэдактарскія функцыі выконвае. Культурны прадукт не існуе ў вакууме, а ёсць часткай сацыяльнай прасторы: адабраць тэксты, вызначыць аўтарак “хрысціянкамі,” “непахіснымі змагаркамі” альбо “сапраўднымі прыгажунямі,” задаць перспектыву чытання праз прадмову і малюнак на вокладцы ёсць спосабамі ўключэння кніжкі ў гэтую прастору. І тым самым, адначасова, і спосабам фарміравання, канструявання той прасторы – сацыяльная рэчаіснасці. Такім чынам нам кажуць, што беларускія жанчыны ёсць змагаркамі альбо хрысціянкамі і што гэта пажадана. Але цікавака, наколькі аўтаркі згодныя з тымі дэфініцыямі і ці хочуць выглядаць перад сусветам менавіта так? Наколькі лічаць, што тыя рысы іх вызначаюць? Асабліва тая, пра якую напісана: “Аўтарка моцна ўкрыўдавала на “Нашу ніву”, якая не мела грошай, каб выплаціці ёй ганарар” (с.215). Я асабіста лічу – не трэба так рабіць. Не трэба друкаваць тэкст і адначасова пляваць аўтару ў пысу. Не падабаецца тэкст альбо паводзіны – не друкуйце. Вы ж прадаеце гэты зборнік за грошы? Па крайней мере я яго купляла. Вось і яна хоча прадаваць сваю працу. Усе мы павінны, па Марксу, перш за ўсё піць, есць і апранацца.

Але вернемся да канструявання сацыяльнай рэчаіснасці ўвогуле і катэгорыі “жанчыны” праз іх рэпрэзентацыяю, ў прыватнасці. Наколькі малюнак на вокладцы, таксама невядома чый, зроблены спецыяльна ці адкуль-небудзь “запазычаны,” адпавядае няхай не агульнаму настрою беларускіх жанчын, а хаця б аўтарак? Яны згодны з тым, што рэдактар уклаў ім меч у рукі? Яны сапраўды паўсталі? Супраць чаго? Выйшлі з-пад кантролю? І як гэта можна пабачыцть, бо ні адзін з тэкстаў зборніка не сведчыць пра выхад з-пад катнролю. Ёсць нязгодныя, а вось такіх – з паднятым мячом – у кніжцы няма. Ці такіх на Беларусі ўвогуле няма, і тады цікава, чаму так, ці НН такіх не друкуе – не ведаю. Таму здаецца, што рэдакцыя, калі ўжывае ваяўнічаю вокладку, на самой справе не вельмі турбоціцца пра адлюстраванне жаночых пачуццяў, а выконвае зусім іншы сацыяльны заказ.

Гэтае ўражанне робіцца яшчэ больш моцным, калі, перагарнуўшы пазбаўленую інфармацыі вокладку, чытач прыступае да прадмовы, якую напісала Іна Кулей. І гэты факт таксама не выпадкавы, ён таксама працуе на тую ідэю, якую рэдактары хочуць пранесці з дапамогай кніжкі нібыта сфакусаванай на жанчынах. У прадмове гаворыцца, што “У Беларусі – жаночае імя.” А таксама, што “менавіта жанчына можа і мусіць быць стваральніцай і вартаўніцай пачуцьця прыналежнасці да сваёй зямлі” (с.6). І што “з большасці выпадкаў менавіта ад маці чалавек выходзіць ў свет з выхаваным пачуццём адказнасці за сябе і за бацькаўшчыну” (там жа). Але ж Іна Кулей не только маці, а яшчэ і палітык? Чаму яна не піша, што жанчыне ёсць месца ў палітыцы і як ёй там пачуваецца? І як павінны адчуваць сябе мужчына, якому кажуць, што у яго краіны “жаночае імя”? Што яму там няма мейсца – бо ён мужчына? Ці яшчэ што? І чаму менавіта жанчына мусіць быць стваральніцай і г.д.? А мужчына не мусіць? Ён только гарматнае мяса? І што тады рабіць з Багдановічам і Купалам, якія, здаецца, таксама нешта зрабілі дзеля гэтага пачуцця? І дзеля чаго ўвогуле патрэбна тая “хвалебная песнь” жанчынам, бо на самой справе мы не лепшыя і не горшыя за мужчынаў? Чытаць гэта няёмка, а няёмка яшчэ і таму, што я нешта такое калісьці чытала. У іншыя часы, у іншай краіне. Толькі тады гаварылася пра жанчын як будаўніц камунізму. А так было ўсё тое ж самае: выкарыстанне “жанчын” у чужым, але не іх ўласным, праекце. Ў якасьці інструмента для дасягнення пэўнай мэты, згодна з планамі партыі і ўрада.
Што тычыцца ўласна тэкстаў зборніка, яны няроўныя, як напісала ў рэцэнзіі ў сваім блогу Ганна Кісліцына (4), і не вельмі зразумела, чаму былі сабраныя разам (як ужо адзначала Марыя Мартысевіч(5). Каб паказаць, што жанчыны “таксама пішуць”? А нешта ж мы не людзі? У школе не вучыліся? Некаторыя з тэктаў цяжка аднесьці да апавяданняў, як, напрыклад, вельмі прыемная і іранічныя, але газетныя нататкі Зосі Баброўнік пра жыццё ў Лунянцы. Некаторыя пакідаюць уражанне мыльнай оперы – як “Каханьне і мальвы” Алены Пушчынай. Я дапускаю, што ёсць людзі, якія бачаць жыццё менавіта так, але, здаецца, літаратура як сродак асмысьлення рэчаіснасці да пачатку 21-га стагоддзя прыйшла ўжо да больш складанай карціны сусвету і тыя, хто чытае кніжкі, каб такім чынам асэнсоўваць свой час і сябе і ўм, наўрад ці змогуць вярнуцца ў “наіўнае пісьмо,” уласьцівае часам “Беднай Лізы.” Некаторыя (як два апавяданні Наталкі Бабінай) пакідаюць уражанне такой няпраўды і фальсыфікацыі, такого сацыялістычнага рэалізму (але, здаецца ён зараз не сацыялістычны, а... які? На якую ідэю працуем?), накіраванага “на паказ жыцця ў яго рэвалюцыйным развіцці”, што міжволі нагадваецца І. Бабкоў, які напісаў аднойчы, што беларуская савецкая літаратура пісала на мове, якой не было, пра рэчаіснасць, якая не існавала.(6)

Але ёсць у кніжцы іншыя тэксты. Здаецца, іх аўтаркі – Ева Вежнавец, і Джэці, і некаторыя іншыя - нешта вельмі важнае адчуваюць... задумаліся... маглі б сказаць... але чамусьці не гавораць. Нешта ім замінае. І тут я ўспомніла размовы са сваемі маладзейшымі сяброўкамі і калегамі (не называю імёны асазнана), якія “маюць дачыненне” да беларускамоўных апазыцыйных і літаратурных колаў. Некалькі разоў у нас заходзілі размовы пра гендерныя адносіны ў тых асяродках, і іх расказы пра стаўленне да маладых незамужніх жанчынаў былі разгубленымі. Іерархія існуе, казалі яны, і яна часткова ўмацоўваецца праз “сэксуалізацыю” жанчын. Нам імкнуцца паказаць, што мы менавіта жанчыны, што значыць – нам адводзяць пэўную ролю “пры мужчынах”. Часам лезуць пад сукенку, казалі яны. Не можа быць, адказвала я, дайце прыклады. Гэта цяжка патлумачыць, адказвалі яны, але гэта вісіць у паветры...

Але прыклад нечакана з’явіўся, калі даволі вядомы беларускі паэт і рэдактар літаратурнага часопісy прапанаваў у сваім блогу друкаваць вершы нашых маладых паэтак разам з іх фотаздамкамі ў стылі “лёхкай эротыкі”. Дзеля прапаганды, як ён напісаў, беларускай паэзіі. Не буду зараз называць імя: гісторыя тая абмяркоўвалася вельмі шырока, але ўжо адгарэла. Цікава, што газета “Наша ніва” надрукавала тую прапанову вельмі аператыўна - праз некалькі часоў – і даволі доўга на сайце газеты віселі імёны маладых паэтак, рэадьных людзей, што пішуць і друкуюцца, якіх было публічна прапанавана распрануць (разам з дадаткам, што вось такую не трэба – яна ўжо не маладая, і глядзець будзе не вельмі прыемна) на карысць роднай літаратуры. Усе жадаючыя дадавалі да гэтага спісу імёны і абмяркоўвалі яго ў інтэрнеце. Мне ж на працягу некалькі сот каментараў не ўдалося патлумачыць паэту, чаму гэтага рабіць нельга. Думка, што жанчыны ёсць такімі ж людзьмі, як ён сам і таму з імі нельга рабіць тое, што ён сам рабіць не хоча (а ён адмовіўся распранацца на карысць беларускае паэзіі) і ўвогуле выкарыстоўваць іх як сродак, інструмент, была для яго непаддымнай. На яго бок стала ці не палова беларускамоўнага інтэрнэту.

Таму я не вельмі здзівілася, калі, прапанаваўшы ў адзін інтэлектуальны часопіс вядомы жаночы літаратурны тэкст (напісаны на іншай мове), які мей назву “Катэгорыя станіка” і быў узорам асмыслення свайго цела і сэксуальнасці, пачула ад жанчыны, што выконвала тады абявязкі галоўнага рэдактара: “Гэта друкаваць нельга. Што скажуць мужчыны? Я дала прачытаць той тэкст сваім каляжанкам, і яны сказалі, што калі б гэта было надрукавана, ім усім было б сорамна. Яны б адчувалі сябе распранутымі”.

Ці трэба дадаваць, што асяродкі, ў якіх гэта адбывалася, у якіх жанчына-рэдактар скарыстала фразу “што падумаюць мужчыны,” знаходзяцца ў адным пакоі з газетай “Наша ніва.”
Я разумею, чаму тыя жанчыны “шарахаюцца” ад размоў пра тое, што на самое справе адрознівае іх ад мужчынаў – пра свае цела. Я таксама разумею жаданне скарыстаць “жанчын” (тое, што яны сабой увасабляюць у папулярным уяўленні) на карысць мэты, якую НН лічыць для сябе галоўнай. І менавіта таму я сцьвяржджаю, што жанчыны застaюцца пад кантролем. Сістэмы, якая іх выкарыстоўвае. Звацца гэтыя сістэмы могуць па-рознаму, але гэта нічога не мяняе. А зборнік апавяданняў стаўся добрым таму доказам. Ён адлюстроўвае зусім не тыя працэсы, што існуюць там, дзе жанчыны сапраўды “выходзяць”. Не абавязкова з-пад кантролю, але заўсёды дзeля таго, каб гаварыць сваім уласным голасам.

1 C. Е. Лец. Избранные сочинения, 1933-1966 / Пер. с польск. А.Базилевского. - М.: "РИПОЛ КЛАССИК", "Вахазар", 2000. – c. 323.
2 Gyаtri Spivak. Can a Subaltern Speak? Скарочаны пераклад А.Горных: Спивак Гайятри Чакраворти. Могут ли угнетенные говорить? // С. В. Жеребкин, ред. Введение в гендерные исследования. – Ч. II: Хрестоматия. – Харьков: ХЦГИ, 2001; СПб.: Алетейя, 2001. – Сс. 649-670
3 De Lauretis, Teresa. Feminist Srudies/Critical Studies: Issues, Terms and context. // Teresa de Lauretisб ed. Feminist Studies/Critical Studies, Bloomington: Indiana University Press, 1986. – P.5.
4 http://annahonda.livejournal.com/46835.html
5 Марыя Мартысевіч. З адкрытым забралам і сталёвым кордам. ARCHE, 2007…
6 Ігар Бабкоў. Каралевства Беларусь. Вытлумачэнні ру[і]наў. Менск, “Логвінаў”, 2005. С. 44.