Дыскусія: “Тэатр і публічнасць у Беларусі”

4 красавіка з 17.00 да 19.45

у канферэнц-зале Інстытута імя Гётэ ў Мінску

(вул.В.Харужай,25\3, 4-ты паверх)

адбудзіцца адкрытая дыскусія на тэму: “Тэатр і публічнасць у Беларусі”

 

Філосаф 20-га стагоддзя Ханна Арэндт назвала тэатр пераважна палітычным мастацтвам. Аднак пры гэтым не мела на ўвазе, што на сцэне вядзецца палітычная агітацыя, прапаганда ці барацьба за галасы выбаршчыкаў. “Палітыку” Арэндт разумела ў больш шырокім, нарматыўным сэнсе. Палітыка мае на ўвазе любы крок у прастору публічнасці, ці на сцэну свету, канцэнтраваным увасабленнем чаго і з’яўляецца тэатр. “Публічнасць” дазваляе людзям удзельнічаць у агульных справах не толькі дзеля агульнай карысці, але стварае ўмовы для памяці наступных пакаленняў пра сябе.

 

  Аднак ці існуе такое разуменне тэатра ў Беларусі? Ці разумеюць драматургі, рэжысёры, акцёры, крытыкі і гледачы наколькі вырашальнай з'яўляецца сувязь тэатра з публічнасцю? 

У якасці прыкладаў уздзеяння тэатра на чалавека і ўплыву спектакляў на грамадства можна назваць легендарную з'яву савецкага тэатра 60-х мінулага стагоддзя – “Тэатр на Таганцы” Юрыя Любімава. Калі казаць пра беларускі кантэкст - гэта асобныя спектаклі Валерыя Раеўскага, Барыса Луцэнкі, Валерыя Мазынскага.

Аднак складаецца ўражанне, што сёння, нягледзячы на досвед папярэднікаў, беларускі тэатр пазбягае публічнасці як прасторы і спосабу працы з сучаснасцю.

 

  Ці так гэта? Наколькі беларускі тэатр здольны ўдзельнічаць у стварэнні публічнай сферы ў Беларусі? І наадварот: наколькі публічнасць вакол тэатра здольная стымуляваць яго развіццё?

 

  Калі здольная, то якім чынам можна гэтую публічнасць арганізаваць? Ці павінна гаворка ісці толькі пра ўласна тэатральную публічнасць ці ўвогуле інтэлектуальную? З чаго яна павінна складацца: з абмеркаванняў спектакляў, напісання крытычных водгукаў, незалежнай тэатральнай лабараторыі? Якім чынам яны павінны працаваць і якія задачы вырашаць?

 

 Гэтыя тры блокі пытанняў плануецца абмеркаваць падчас дыскусіі.

 

Запрошаныя эксперты:

Рыма Ушкевіч - драматург, студэнт тэатральнай лабараторыі “Фарцінбрас”. П'еса “Бездакорны” у 2010 г. увайшла ў шорт-ліст конкурса сучаснай драматургіі HotInk (Нью-Йорк)

Яўген Карняг – рэжысёр, харэограф. Аўтар спектакляў “Не танцы”, “Cafe“Паглынанне”

Лізавета Міхальчук – мастацтвазнаўца, тэатральны і мастацкі крытык. Куратар “Беларускага павільёна 53 Венецыянскага Біенале” (Мінск, 2009).

Ірына Саламаціна - незалежны мэнэджар арт-праектаў, ініцыятар праекта “Гендарны маршрут

Таццяна Арцімовіч - рэжысёр, публіцыст

Андрэй Саўчанка - рэжысёр тэатра “Кампанія”, выкладчык кафедры майстэрства акцёра БДАМ

 

Мадэратар дыскусіі:

Вольга Шпарага, філосаф, дацэнт ЕГУ, рэдактар інтэрнэт-часопіса "Новая Еўропа

Іншыя ўдзельнікі дыскусіі:

драматургі Мікалай Рудкоўскі, Дзмітры Багаслаўскі, акцёры Віталь Краўчанка, Аляксандр Казела, рэжысёры Аляксандр Марчанка, Мікіта Валадзько, крытыкі Аляксей Стрэльнікаў, Алена Мальчэўская, Ірына Герасімовіч, Наталля Валанцэвіч, студэнты БДАМ

Напачатку дыскусіі плануецца сцэнічнае чытанне.

 

Запрашаем ўсіх зацікаўленых!