Жаночая сетка «Мара». Выклікі і перашкоды пры стварэньні жаночай арганізацыі

Колькасьць жаночых арганізацыяў у Беларусі застаецца рэкордна нізкай. Нават з улікам праўладнай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» лічба НДА, якія займаюцца жаночай тэматыкай, складае менш за працэнт ад усёй колькасьці арганізацыяў трэцяга сэктару. Такая ж сытуацыя назіраецца і ў апазыцыйных палітычных партыях, дзе жанчын на кіроўных пазыцыях — лічаныя адзінкі.

Аднак 2016 год у Беларусі можна назваць часам росквіту і стварэньня няўрадавых арганізацыяў (НДА) жаночага профілю з формай рэгістрацыі «ўстанова». Так, за апошні час у краіне зарэгістраваліся некалькі НДА, якія вызнаюць сябе як жаночыя. Гэта ўстановы «Цэнтар гендэрных і прававых адносінаў», «Цэнтар па прасоўваньні правоў жанчын «Яе правы», Прыватная сацыяльна-інфармацыйная ўстанова падтрымкі жанчын «Жаночая справа»; адна ініцыятыва «Магілёўскі гендэрны цэнтар «Ружа» знаходзіцца ў працэсе судовых разьбіральніцтваў за права атрымаць рэгістрацыю на тэрыторыі вобласьці.

На прыкладзе адной жаночай арганізацыі хацелася б агучыць найбольш распаўсюджаныя праблемы і цяжкасьці, зь якімі могуць сутыкнуцца новаствораныя жаночыя аб’яднаньні і арганізацыі.

Жаночая сетка «МАРА» («Мы — Аб’яданьне Роўных Асобаў») праіснавала амаль два гады, у пэрыяд з 2014 па 2016 гады. Першапачаткова ініцыятыва, створаная актывісткамі палітычных партый і арганізацый, ставіла сабе за мэту абмен досьведам і інфармацыяй, узмацненьне салідарнасьці сярод жанчын, якія маюць актыўную грамадзянскую пазыцыю. Пазьней плятформа эвалюцыянавала, адным зь яе галоўным прыярытэтам стала прасоўваньне жанчын у сфэру прыняцьця рашэньняў.

Асаблівасьць МАРЫ

Жаночая сетка «Мара» выбухнула флэшмобам у штаб-кватэры, бадай, самай патрыярхальнай апазыцыйнай партыі Беларусі — партыі «Беларускі народны фронт». Напярэдадні перадвыбарчага з’езду партыі актывісткі расставілі на крэслах у залі таблічкі з надпісам «месца зарэзэрваванае для жанчыны», а таксама стварылі своеасаблівую сьцяну гонару з прозьвішчамі актыўных партыек. Гэтым дзеяньнем аб'яднаньне жанчын з рознай партыйнай ідэалёгіяй хацела даказаць, што ня толькі мужчыны жадаюць уплываць на палітыку партыі.

Нізавая структура. Як правіла, палітычныя аб'яднаньні / кааліцыі ў Беларусі зараджаюцца на высокім партыйным узроўні, г. зн. старшыні і намесьнікі старшыняў партый падпісваюць пагадненьні або на словах дамаўляюцца аб супрацоўніцтве, часам нават з ініцыятывы замежных гульцоў. Жаночая сетка «Мара» ж была аб'яднаньнем звычайных партыйных актывістак, якія гуртаваліся з мэтай неабходнасьці абмену досьведам і інфармацыяй паміж жанчынамі з розных партый, якія мелі аднолькавыя праблемы, незалежна ад сваёй партыйнай прыналежнасьці. Тыя прынцыпы, на якіх стаяла «Мара» знаходзілі водгук у шараговых актывістак, якія не былі пачутыя аднапартыйцамі, якіх не заўважалі, якім не давалі магчымасьці разьвіцца або прасунуць ідэю. «Мара» падштурхоўвала да актыўнасьці жанчын, якія раней не адважваліся адкрыта заявіць, напрыклад, пра неабходнасьць большай колькасьці жанчын у кіроўным партыйным органе і зьмены палітыкі. «Мара» давала адчуваньне надзейнага тылу.

Пацьверджаньнем гэтаму ёсьць кар’ерны рост некаторых актывістак. Вольга Лагвіновіч стала намесьніцай старшыні Партыі БНФ, Наста Герыловіч узяла на сябе адказнасьць і стала старшынёй моладзевага крыла Сацыял-дэмакратычнай партыі, арганізацыі «Маладыя Дэмакраты — маладая Грамада».

Упершыню, на наш погляд, жанчыны перастаюць быць мэханізмам у руках мужчын, «нагамі» партыі, імкнуцца самастойна фармаваць сваю павестку, прасоўваць найбольш хвалюючыя іх тэмы, а ня толькі партыйныя праграмы.

Іншая асаблівасьць Жаночай сеткі «Мара» — жаданьне далучыць да супольных дзеяньняў членак няўрадавых арганізацыяў. Лічыцца, што грамадзкія арганізацыі павінны рыхтаваць кадры і заклікаць у партыі актыўных грамадзянаў. У Беларусі грамадзянская супольнасьць даўно адмежавалася ад палітычных партый і ня хоча мець з тымі нічога супольнага. Актывісткі спадзяваліся агульнай гендэрнай павесткай аб’яднаць палітычных і грамадзкіх актывістак, каб з падвойнай сілай займацца прасоўваньнем жаночай тэмы.

Адным з асноўных адрозьненьняў Жаночай сеткі «Мара» было аб’яднаньне актывістак вакол пэўнай тэмы — гендэрнай роўнасьці як цэнтральнай каштоўнасьці ініцыятывы. Жаночая сетка «Мара» была пакліканая на разьвіцьцё гендэрнай асьветы сярод актывістак і накіраваная на прасоўваньне правоў жанчын, прасоўваньне жанчын у сфэру прыняцьця рашэньняў, спрыяла разьвіцьцю жаночага лідэрства.

ПЕРАШКОДЫ

Пры стварэньні Жаночай сеткі «Мара» дзяўчаты-заснавальніцы пралічвалі рызыкі, зь якімі хутчэй за ўсё прыйдзецца сутыкнуцца ў часе дзейнасьці. Былі абмеркавана ўсё, ад фінансаваньня да нежаданьня партый дзяліцца чалавечымі рэсурсамі ды зайздрасьці сталадзеючых удзельніц сэктара і інш. Аднак праблемы пасыпаліся з усіх бакоў, і ніхто ня здолеў прадугледзець, што адбудзецца раскол і падзел меркаваньняў унутры каманды.

Пачаўшы дзейнасьць зь яркай акцыі, Каардынацыйны камітэт «Мары» такім чынам усталяваў своеасаблівую плянку, якой актывісткі мусілі адпавядаць. Менавіта таму дзяўчаты сьвядома адмовіліся адмовіліся ад стварэньня ўнутраных дакумэнтаў, статуту арганізацыі, рэглямэнту, рэгістрацыі ініцыятывы. Ніхто не хацеў марнаваць час на «бюракратыю», праглі дзеяньняў. Зразумела, пры нявызначаным статусе і абавязках немагчыма кантраляваць дзейнасьць, уплываць на рашэньні, чакаць выкананьня пэўных задач і дамоўленасьцяў ад іншых.

Не былі прапісаныя крытэры прыёму новых удзельніц у арганізацыю. Не была створана схема суіснаваньня разам дзяўчат з рознымі поглядамі, напрыклад, на забарону абортаў.

Акрамя адсутнасьці базавых дакумэнтаў і дамоўленасьцяў, перашкодай у існаваньні Жаночай сеткі «Мара» можна назваць не да канца сфармаваныя мэты аб'яднаньня. Розныя зацікаўленасьці ўдзельніц выліліся ў жаданьне ахапіць вельмі шырокі спэктар пытаньняў, якімі «Мара» хацела і магла займацца.

 

Наступнай перашкодай стала непадрыхтаванасьць саміх удзельніц да разьвіцьця арганізацыі. Ня стаўшы аб’яднанай моцнай камандай, ядром і цэнтрам, Каардынацыйны камітэт стаў далучаць да Жаночай сеткі «Мара» новых удзельніц, якія не змаглі асэнсаваць сутнасьць аб’яднаньня і дзейнасьці арганізацыі.

 Дэцэнтралізацыя ўлады. Адсутнасьць адной лідэркі. У Каардынацыйную раду Жаночай сеткі «Мара» першапачаткова ўваходзіла 7 актывістак. Гэта выклікала цяжкасьці пры дасягненьні кансэнсусу, бо актывісткі імкнуліся выпрацаваць агульнае рашэньне, якое б задавальняла ўсіх. Адсутнасьць адной лідэркі складала праблему для СМІ і іншых актывістаў, якія не маглі зразумець, што лідэркі — ГАЛОЎНАЙ — няма. Адпаведна, калі галоўнай фігуры ў Каардынацыйным камітэце няма, браць на сябе 100%-ю адказнасьць за разьвіцьцё арганізацыі ніхто не хацеў.

Паколькі ніхто з удзельніц Жаночай сеткі «Мара» не зьяўляўся раскручанай пэрсонай, прызнанай лідэркай, як унутры сваёй партыі, так і ў сэктары, кідалася ў вочы няўпэўненасьць удзельніц у сваіх сілах і нявера ў сябе. Некаторыя дзяўчаты былі прызвычаеныя да таго, што ім заўсёды хтосьці дыктаваў, што рабіць і як мае быць.

Гэтым скарысталіся больш дасьведчаныя прадстаўнікі партый і рухаў. Усьведамляючы пэрспэктыўнасьць ідэі Жаночай сеткі «Мара», яны пачалі выкарыстоўваць сытуацыю, хтосьці для матэрыяльнай выгоды, хтосьці для атрыманьня новых кантактаў, хтосьці для пачуцьця асабістай значнасьці. Тым часам прадстаўніцы Каардынацыйнага камітэту былі адсунутыя ад прыняцьця рашэньняў і страцілі магчымасьць кантроля.

На падзел меркаваньняў унутры Каардынацыйнага камітэту паўплывалі прадстаўнікі мужчынскага полу, якія «ведаючы, як сапраўды трэба працаваць гэтай структуры», захацелі праз некаторых жанчын кіраваць «Марай». У выніку атрымалася, што адна частка Каардынацыйнага камітэта адстойвала свой першапачатковы шлях — прасоўваньне гендэрнай асьветы ў партыйныя структуры зьнізу, а іншая сабатавала ўсю працу ініцыятывы, называючы Каардынацыйны камітэт нелегітымным і настойваючы на правядзеньні паўторнага сходу «Мары », і нават прапаноўваючы, каб партыйныя структуры прызначалі актывістак у Каардынацыйны камітэт.

Падсумоўваючы вышэйнапісанае, хочацца адзначыць, што перашкодамі для стварэньня жаночых арганізацый, на жаль, не зьяўляюцца «зьнешнія» фактары. І тут маюцца на ўвазе не беларускія ўлады. Улады, безумоўна, могуць блякаваць рэгістрацыю арганізацый, а таксама ўтрымліваць манаполію на гендэрныя дасьледваньні і фармаваньне гендэрнай павесткі (ці яе імітацыі). Але у гэтым выпадку хутчэй самі апазыцыйныя партыі і арганізацыі не даюць разьвівацца жаночым аб’яднаньням ні ўнутры сваіх арганізацый, ні каля іх.

Мінулыя парлямэнцкія выбары паказалі, што партыйныя лідэры былі вымушаны публічна сьвяціцца і піярыць сваю арганізацыю. У 2014 годзе жанчыны стварылі канкурэнцыю мужчынам сваёй крэатыўнасьцю. Партыі, як і беларускае грамадзтва, застаюцца патрыярхальнымі, не здольнымі зьвярнуць увагу на меркаваньне жанчыны, з павагай да яе ставіцца, стварыць і прызнаць іншае меркаваньне.Усё зводзіцца да змаганьня унутры арганізацыі за ўплыў і ўладу, за рэсурсы.

Новаствораныя арганізацыі, памятаючы пра гісторыю з Жаночай сеткай «Мара», маюць ставараць больш мэханізмаў абароны сябе пасродкам дамоваў-пагадненьняў. Магчыма, калі б «Мара» была звычайнай жаночай НДА, яна б не прыцягвала столькі ўвагі да сябе. Але з пункту гледжаньня сваёй «апазыцыйнасьці» яна была цікавейшай.

Наталля Мотуз, Гендерный маршрут