Ці можа літаратура супрацьстаяць хатняму гвалту?

Саюз беларускіх пісьменнікаў сумесна з комплексным праектам “Гендэрны маршрут” арганізаваў дыскусію ў Мінску, якая датычылася міфаў і фактаў пра гвалт у сучаснай Беларусі.

Адна з рэдактаркаў часопіса “ПрайдзіСвет” Юлія Цімафеева падчас дыскусіі заўважыла, што сярод пачаткоўцаў-літаратараў досыць шмат жанчынаў. Але калі паглядзець на сталых пісьменнікаў, то сярод іх жанчын зусім мала. Прычына такога дысбалансу ў тым, што жанчына на пэўным этапе вымушана абраць сям’ю і паступова сыходзіць з прафесіі.

Пытанні, якія былі абмеркаваны:
Якая розніца паміж згодай і дамаганнем, жартам і насмешкай, сваркай і гвалтам?
Якія існуюць міфы і факты гвалту сёння?

Якія практыкі, стратэгіі і рэсурсы выкарыстоўваюць пісьменнікі і пісьменніцы, каб зрабіць свой свет больш бяспечнымі і прыстасаваным для гарманічнага існавання?
Як можна адмовіцца ад гвалту, калі барацьба і агрэсія — частка нашага свету?
Што такое мова гвалту і мова кахання? Ніхто не кажа дачцэ ці жанчыне: “Я цябе прыцясняю і рэпрэсую”, звычайна кажуць: “Я цябе люблю, я цябе кахаю”. У што ж ператвараецца такая “Любоў”, якую суправаджалі вяселле, пярсцёнкі, лімузіны і саступкі?
Удзельнікі дыскусіі:
Вольга Гапеева, паэтка, лінгвістка (к.ф.н.), даследуе тэмы філасофіі мовы і сацыялогіі цялеснасці;
Зміцер Вішнёў, паэт, мастак і выдавец;
Юлія Цімафеева, перакладчыца, адзін з рэдактараў часопіса “ПрайдзіСвет”.
Мадэратар — Ірына Саламаціна, феміністка, сацыёлаг, ініцыятар праекта “Гендэрны маршрут”.

Эксперты распавялі,як можна адмовіцца ад гвалту, калі барацьба і агрэсія — частка нашага свету. І адказалі на пытанне, чаму за апошнія гады фіксуецца ўсё больш выпадкаў хатняга гвалту ў Беларусі.

 

Заўсёды на разрыве

Каардынатар праектаГендэрны маршрут” Ірына Саламаціна тлумачыцьУ грамадстве сфармуляваны стэрэатыпсамае галоўнае ў жыцці - сямя і дзеці. І трагедыя жанчыны заключаецца ў тым, што яна заўсёды на разрыве, асабліва калі грамадства традыцыяналісцкае і не прымае жаночую суб’ектыўнасць, у тым ліку і ў літаратуры. На мой погляд, трэба ўлічваць, што знойдуцца жанчыны, якія, напісаўшы першы зборнік, зробяць выбар у бок сям’і. Але існуюць іншага тыпу жанчыны, якія выбіраюць творчасць, бо не могуць знаходзіцца толькі ў сям’і. І калі соцыум пачынае яе туды вяртаць, то жанчына можа скончыць жыццё самагубствам, захварэць, зрываць сваю агрэсію на блізкіх людзей”.

У свой час спадарыня Ірына працавала над дысертацыяй на тэму параўнаўчага аналізу драматургіі Арбатавай і Паповай.“Алена Папова – вядомы драматург, чые творы добра ставяць у нашых тэатрах, у яе вельмі цікавая пазіцыя моцнай жанчыны. Яна мае вельмі жорсткую сістэму каардынатаў: падаўляе мужчын і лічыць, што толькі тая пазіцыя магчымая. І такім чынам, яна ўбудоўваецца ў традыцыяналісцкія межы. То бок прымервае на сябе ролю мужчыны. Натуральна, што гендэрныя стэрэатыпы з-за такой пазіцыі толькі ўзмацняюцца ў грамадстве. То бок ты можаш быць або жанчынай, або станавіся мужчынай і даказвай, што ты не горш за яго”.

Эксперт прыгадвае размову з выдаўцом часопіса “Партызан” Артурам Клінавым: “Аднойчы я спытала ў яго: а калі ж у тваёй калекцыі з’явяцца жанчыны? На што пачула ў адказ: “А што, у Беларусі ёсць мастачкі-жанчыны?” І гэта таксама паказвае, як беларускія мужчыны ўспрымаюць развіццё нашай культуры”.

З такой пазіцыяй нязгодны пісьменнік Зміцер Вішнёў: “Калі ўзяць прыклад Латвіі, то там зараз фактычна не засталося мужчынаў-празаікаў, жанчыны сапраўды дамінуюць у творчасці”.

Паэтка Вольга Гапеева, якая нядаўна вярнулася з Латвіі, тлумачаць гэтую з’яву тым, што для Прыбалтыкі пасля далучэння да Еўрасаюза, характэрна імклівая эміграцыя. “Мужчычы з’язджаюць за мяжу і такім чынам вызваляецца поле для дзейнасці жанчынаў, хоць яшчэ нядаўна канкурэнцыя была вельмі жорскай і патрапіць на літаратурную пляцоўку для іх было няпроста”.

 

Дзяўчыны не бачаць гераіняў

Светапогляд чалавека фарміруецца на літаратуры, якую ён пачынае вывучаць у школе. І калі паглядзець на нашу школьную праграму, то складана знайсці там творы, якія б пазіцыянавалі жанчыну як самадастатковую і паўнавартасную асобу, а не як дадатак да мужчыны. “Дзяўчыны не бачаць гераіняў, з якімі хочацца сябе атаесамляць. Захапленне выклікаюць толькі героі-мужчыны, але такога не павінна быць. Аднак, ведаючы, якім чынам фарміруецца школьная праграма па літаратуры, мне складана ўявіць, каб зараз там з’явіліся новыя творы, якія праектуюць свядомасць, арыентаваную на гендэрную роўнасць”, - адзначае Гапеева.

Удзельнікі дыскусіі сышліся ў тым, што літаратура мае псіхатэрапеўтычны эфект і сапраўды можа дапамагчы супрацьсятаяць не толькі нарастанню гендэрных стэрэатыпаў, але як вынік – спыніць хатні гвалт, прымусціь грамадства пераасэнсаваць гэтую праблему і змяніць сваё меркаванне.

Юлія Цімафеева прыводзіць у прыклад твор вядомай амерыканскай пісьменніцы Шарлоты Гілман “Жоўтыя шпалеры”.“Яна напісала гэты твор, калі пасля нараджэння дачкі ў яе была страшэнная дыпрэсія. Доктар параіў ёй не займацца творчасцю, проста ляжаць і нічога не рабіць. І яна апісала свой невыносны стан. Кніга стала вельмі папулярнай сярод чытачоў. І як стала вядома пазней, доктар адмовіўся ад такой методыкі лячэння”.

 

Вольга Гапеева, паэтка, лінгвістка (к.ф.н.), даследуе тэмы філасофіі мовы і сацыялогіі цялеснасці

З лева-Юлія Цімафеева, перакладчыца, адзін з рэдактараў часопіса “ПрайдзіСвет”

Зміцер Вішнёў, паэт, мастак і выдавец

Патрыярхат

У параўнанні з еўрапейскімі краінамі пытанні гендэрнай роўнасці ў Беларусі  па-ранейшаму нявырашаныя.

Таму навіны пра тое, што Берлусконі ўдалося адхіліць ад улады, дзякуючы масавым жаночым пратэстам, нашым грамадствам успрымаюцца, як нешта неверагоднае. Тым не меньш, калі на вуліцах Італіі з’явілася каля мільёна жанчынаў,  якія выйшлі паказаць сваю нязгоду з палітыкай мачызму і адкрытага патрыярхатнага выкарыстання жанчынаў, крэсла прэзідэнта пахіснулася пад Берлусконі. Вядома, што яго атачала шмат маладых жанчынаў, але сувязі з непаўналетнімі дзяўчынамі сталі апошняй кропляй цярпення.

“Нядаўна ў Мінск прыязджалі прадстаўнікі платформы ШТАБ з Кыргыстану, мы ладзілі сумесны гендэрны праект. Яны былі вельмі моцна ўражаныя, наколькі ў Беларусі моцныя стэрэатыпы пра ролю жанчыны ў грамадстве. Нават у Кыргыстане, дзе здавалася б больш традыцыяналіскае грамадства, гэта тэма ўвесь час абмяркоўваецца і пазітыўныя зрухі адчуваюцца ўжо зараз”, - прыводзіць прыклад Ірына Саламаціна.

У цяперашні час ва ўсім свеце праходзіць шырокамаштабная акцыя “Спыні хатні гвалт”. Тэма гэта непарыўна звязана з гендэрнай роўнасцю – з разумення і адчування сябе паўнавартасным чалавекам, які можа і хоча адстойваць свае правы.

Па статыстыцы чатыры з пяці жанчынаў хоць аднойчы ў жыцці сутыкаліся з хатнім гвалтам – фізічным, эканамічным, псіхалагічным, сэксуальным.

У Беларусі працуе гарачая лінія па дапамозе ахвярам хатняга гвалту. Любы ахвотны можа патэлефанаваць па нумары 8-801-100-8-801 і атрымаць бясплатную дапамогу ад юрыста, псіхолага і сацыяльнага работніка.

Па словах Ірыны Саламацінай, за апошні год зафіксавана 1,5 тысячы справаў па факце хатняга гвалту. Лічба гэтая ў некалькі разоў большая за паказальнік, які быў у 90-х. Эксперт бачыць прычыну ў тым, што жанчыны сталі больш адкрыта заяўляць пра гэтую праблему і звяртацца па дапамогу. На сёння міліцыя настойвае на крымінальнай адказнасці ў адносінах да агрэсараў. Пры гэтым закон, які б прадухіляў хатні гвалт, у Беларусі так і непрыняты. Пры гэтым у Нацыянальным плане дзеянняў па забеспячэнні гендэрнай роўнасці ў РБ на 2011-2015 гады дакладна прапісаная неабходнасць распрацоўкі пытання аб мэтазгоднасці прыняцця законаў “Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту” і “Аб забеспячэнні роўных правоў і роўных магчымасцяў мужчынаў і жанчынаў у Рэспубліцы Беларусь”. Мэтазгоднасць вызначае працоўная група, у якую ўваходзяць прадстаўніцы праўладнага Беларусага саюза жанчынаў. Яны неаднаразова заяўлялі, што гендэрная роўнасць у Беларусі дасягнута. Таму зацікаўленасці ад іх у лабіраванні адпаведных законапраектаў чакаць не выпадае, прызнаюць незалежныя эксперты. А значыць вырашаць пытанні хатняга гвалту па-ранейшаму будзе складана. 

Адар’я Гуштын, спецыяльна для "Еўрабеларусi"

Ірына Саламаціна, феміністка, сацыёлаг, ініцыятар праекта “Гендэрны маршрут”.

Аўтар: Bastian Van Henning

Адар’я Гуштын, спецыяльна для "Еўрабеларусi"