Жаночае цела ў тэкстах сучасных беларускіх пісьменніц

Чалавечае цела, на думку сучасных навукоўцаў, «усё больш становіцца прадуктам соцыума, які дыктуе свае патрабаванні, “абломвае” прыродны пачатак цела да патрэбных яму стандартаў, праграмуе патрэбныя яму характарыстыкі» [1, c. 73].

Сацыялагічныя даследаванні цела на постсавецкай прасторы сталі актыўна развівацца пасля распаду Савецкага Саюза, што «было звязана з інстытуалізацыяй гендарных даследаванняў ў акадэмічнай прасторы». Што тычыцца Беларусі, то тут «сацыялогія цела практычна не прадстаўлена», хаця «праблематыка цела асвятляецца беларускімі філосафамі, антраполагамі, этнолагамі, псіхолагамі» [2].

Што да беларускага літаратуразнаўства, то даводзіцца канстатаваць факт адсутнасці даследаванняў па дадзенай праблеме. Пры гэтым сучасная айчынная літаратура падае дастатковую колькасць тэкстаў для аналізу. Мастацкае асэнсаванне феномена жаночай цялеснасці і сексуальнасці як адной з яго праяў можна назіраць у творчасці сучасных беларускіх пісьменніц.

Жаночая традыцыя ў гісторыі беларускай літаратуры

Жаночая традыцыя ў гісторыі беларускай літаратуры адносна кароткая (асабліва калі ўлічваць беларускамоўную традыцю), і яна цалкам развівалася ў кантэксце мужчынскай. Пад жаночай літаратурай разумеюцца тэксты, напісаныя аўтарам-жанчынай.

Наколькі ў творах сучасных беларускіх пісьменніц, якія не пазіцыянуюць сябе як феміністкі і не імкнуцца наўмысна ствараць постструктуралістскія тэксты («жаночае пісьмо»), выяўляецца падсвядомае супраціўленне ўсталяваным у грамадстве нормам, што прадпісваюцца жаночай цялеснасці? Наколькі пры гэтым пісьменніцы выяўляюць сваю суб’ектыўнасць / аўтэнтычнасць, адрозную ад прынятай у грамадстве?

Бо вядома, што «працэс засваення сацыяльных роляў і фарміравання гендарнай ідэнтычнасці пачынаецца ва ўзросце, калі чалавек яшчэ не можа яго кантраляваць. Прымаючы традыцыйныя нормы жыцця як “натуральна” дадзеныя і не падвяргаючы іх сумненню, індывіды трапляюць пад кантроль усеабдымнай улады і пазбаўляюцца магчымасці бачыць, што прадпісана, а што наўмысна сканструявана» [3, с. 279-280]. У выніку – забароны знаходзяцца не звонку індывіда, а ўнутры яго, таму ў працэсе жыцця кожны індывід у суаднесенасці са сваім жыццёвым вопытам праводзіць так бы мовіць рэвізію ўласнай гендарнай ідэнтычнасці. У жанчын-пісьменніц яна якраз і выяўляецца ў тэкстах.

Амерыканскі філосаф і феміністка Адрыены Рыч, якая вылучыла такую здольнасць жанчыны як «мысліць праз цела», лічыць, што «патрыярхатнае жыццё лімітавала жаночую біялогію да сваіх патрэб» [4, с. 143], разлучыла жанчын з сабой. У выніку гэтага, цела належала не жанчынам, яно «жадала» таго, што яму патрэбна было жадаць з пункту гледжання патрыярхатнай культуры – хваляваць, узбуджаць, нараджаць, карміць, чакаць, патрабаваць абароны і падтрымкі. Што і пацвярджаюць шматлікія вобразы жанчын, створаныя пісьменнікамі-мужчынамі. Наогул, з пункту гледжання фемінісцкага крытыцызму, вобразы жанчын, якія стварылі аўтары-мужчыны «усяго толькі нарцысічнае выяўленне мужчынскага Эга» [5, с. 225]. Таму жанчыны мусяць нарэшце сказаць праўду пра саміх сябе.

На думку Алены Гапавай, «гісторыя жаночага пісьменства можа разглядацца як гісторыя барацьбы за тое, як стацца пачутымі» [6]. «З цягам часу і сацыяльных зменаў тая частка “каланізаванай групы”, што бачыць сваёй галоўнай ідэнтычнасцю пол (альбо мову, альбо рэлігію, альбо сексуальнасць і г.д.) “адкрывае” сябе як самастойных актараў і пачынае шукаць сродкі самавыражэння, свабодныя ад усялякіх аглядак на каноны і іх гаспадароў. Яна паўстае, каб стварыць свой канон, забудоўвае сваю ўласную прастору, займаецца пошукамі сваёй мовы і выпрацоўвае свой голас» [6]. Словы цалкам слушныя ў адносінах да літаратуры, што ствараецца жанчынамі, і беларускімі ў прыватнасці. Наколькі ўдалося/ўдаецца жанчынам-творцам “на/пісаць сябе”, праблематызаваць сваё цела, разгледзім на канкрэтных творах?

«Не только мужчине – тебе тоже должно быть хорошо…»

У сучаснай жаночай прозе можна вылучыць некалькі аспектаў, звязаных з рэпрэзентацыяй жаночага цела.

Па-першае, гэта абуджэнне жаночай сексуальнасці, якое кожная з аўтарак выяўляе адметна. Наталка Бабіна (зб-к «Крыві не павідна быць відна» [7]) падае гэта як непазбежнасць, якая прыходзіць у свой час і дыктуе свае правілы: «Яна поўнілася маладосцю, як поўніцца сілай жолуд увосень, як поўніцца вадою рака ўвесну... усё гаварыла: я жывая, я моцная, я шчаслівая, я чакаю...» [7, с. 75].

Алена Брава ў аповесці «Каменданцкі час для ластавак» [8] падае абуджэнне жаночай сексуальнасці як пераадоленне галоўнай гераіняй, беларускай, засвоеных на радзіме грамадскіх стэрэатыпаў. Дапамаге ёй у гэтым набыццё ўласнага вопыту і разуменне рознасці культурных экспектацый грамадства, прад’яўляемых да паводзін полаў у Беларусі і на Кубе.

Яе гераіня Алеся першапачаткова лічыла, што «каханне ёсць радасная гатоўнасць да ахвяры» [8, с. 41], а яна сама – «орган», прызначаны выключна дзеля «ягонага задавальнення» [8, с. 42], а не асобна ўзятая істота, «якая можа мець нейкія ўласныя жаданні». І толькі праз гады яна зразумела выказванне мужа-кубінца, што «акрамя радасці даваць... існуе яшчэ радасць атрымліваць асалоду»: «Не только мужчине – тебе тоже должно быть хорошо… На Кубе это знает каждая четырнадцатилетняя девчонка! Я не могу быть довольный, потому что тебе еще не было хорошо…» [8, с. 42].

Асэнсоўваючы абуджэнне сваёй пачуццёвасці / сексуальнасці, усведамляючы, што побач з ёй менавіта «яе мужчына», Алеся ўсё больш разумее, што «розніца культур і індывідуальнага вопыту» змяншаюць яе з Рэем шанцы на ўзаемаразуменне, што яна не можа прыняць кубінскую рэальнасць. Супраць жанчыны, якая кахае, паўстае жанчына-маці, якая не хоча, каб яе дачка жыла на «востраве Свабоды», дзе патрэбна вучыцца маршыраваць з плакатам «Сацыялізм ці смерць!» і спаць разам з тутэйшымі распуснымі хлопцамі ў школе-кампа...

Адзін з акцэнтаў праблемы жаночай сексуальнасці – асэнсаванне яе як адрознай ад мужчынскай. Немагчымасць сумясціць Вялікае Каханне і праяўленне адметных мужчынскай і жаночай сексуальнасцей становіцца ў выніку трагедыяй для Юлі, галоўнай гераіні рамана Алены Брава «Менада і яе сатыры»[9]: «Калі ён быў у ложку, побач з ёю, ёй і ў галаву не прыходзіла атрымаць якую-кольвек уцеху для сябе: гэта было гэтак жа немагчыма, як адшчыкнуць кавалак паднесенага ідалу ахвярнага ягняці. Яе сексуальнасць запазнялася...» [9, № 9, с. 49].

Першапачаткова фармулюючы сваё «простае жаночае жаданне» – «каб з’явіўся рыцар», бо «нават моцным патрэбныя рыцары» [10, с. 189], гераіня Міраслава Навіш урэшце адкрывае для сябе (як і гераіня Алены Брава) простую ісціну: «Усе мае інтэлектуальныя пошукі заканчваюцца асэнсаваннем фізіялогіі кахання. Я здольная смяяцца з сябе. Я рагачу ад дысанансу паміж безданню сумнення і фізіялогіяй кахання – простай, немудрагелістай і... звыклай... На сметнік надзею паразумецца!» [11, с. 202].

Дзеля «радасьці і свабоды, а не размнажэньня ў няволі»

Другі аспект сучаснай жаночай прозы датычыцца праблемы пошуку жаночай суб’ектыўнасці, адрознай ад той, якую навязвае жанчыне грамадства. Таму ў гераіні Евы Вежнавец («Шлях дробнай сволачы» [12]) «крыза ідэнтычнасьці», якую яна спрабуе пераадолець. Аднак «крыза» становіцца доўгатэрміновай, таму не вырашаецца ў межах мастацкага свету пісьменніцы: «Хто я – недалюбленая нічыйная жанчына? Нарцыс? Андрагін? Недалесьбійка, перагетэрасэксуалка? Не. Няма ні жанчыны, ні мужчыны, ні эліна, ні юдэя. Я рыцар Граэлент з адкрытым забралам і сталёвым кордам» («Хутка вылупіцца цмок») [12, с. 99].

Гераіні Евы Вежнавец, а гэта, як правіла, сучасныя беларускія інтэлектуалкі, не лічаць самамэтай свайго жыцця развіццё і ўдасканальванне свайго Эрасу. Яны не падтрымліваюць традыцыйныя пола-ролевыя стэрэатыпы, у прыватнасці стэрэатып «слабай жанчыны», не цікавяцца «жаноча-мужчынскімі справамі», бо хочуць «радасьці і свабоды, а не размнажэньня ў няволі» [12, с. 99]. Можна канстатаваць, што такім чынам у творах пісьменніцы выяўляецца пратэст супраць размеркаваных у грамадстве роляў, адведзеных пэўнаму полу, супраць стэрэатыпаў жаноцкасці, характэрных для патрыярхатнага грамадства.

Спробы мацярынства гераінь Наталкі Бабінай

Трэці аспект сучаснай жаночай прозы звязаны з праблемай лішняй вагі і знешняй прывабнасці жанчыны. «Абрысы цялеснасці і некаторыя яе памеры падпарадкоўваюцца пэўнаму сацыяльнаму нармаванню (што добра ілюструецца вядомай формулай “90-60-90” ці імкненнем да павелічэння тых ці іншых частак цела: бюста, ягадзіц, ног і інш.)» [13, с. 31]. Як паказваюць вынікі даследаванняў, «патрабаванні стройнасці і прыцягальнасці распаўсюджваюцца ў першую чаргу на жанчын» [14, с. 430]. Стройнасць лічыцца паказчыкам не толькі добрага здароўя і самадысцыпліны, а і «сексуальнай прыцягальнасці», таму «стройныя жанчыны лічаць сябе больш сексуальна прыцягальнымі, чым тлустыя» [14, с. 428], а значыць і больш сацыяльна значнымі.

Арыентацыя гераінь Наталкі Бабінай на разрэкламаваную норму (90-60-90) выяўляе іх падсвядомую ўстаноўку, выпрацаваную патрыярхатным соцыумам, на знешнюю / цялесную прыгажосць і прывабнасць жанчыны для супрацьлеглага полу. Так, гераіні балюча рэагуюць на мужчынскую крытыку ў іх адрас адносна знешнасці («у цябе тлустая сьпіна» [7, с. 45]). Адначасна такая крытыка выклікае ў іх пратэст, які, як вынікае з тэкста, накіраваны не супраць біялагічнага прызначэння жанчыны, а менавіта супраць нормаў, што прад’яўляе да знешнасці жанчыны сучаснае грамадства і культура: «Вядома, я тлустая. Якой яшчэ маю быць, нарадзіўшы пяцёра дзяцей?.. Яшчэ прапанаваў бы на дыету сесці! Не прапануе, ведае, што ня сяду» [7, с. 45].

Такім чынам, праблема мацярынства – гэта чацвёрты аспект згаданай вышэй праблемы. Вырашэнне яе не адназначнае ў мастацкім свеце сучасных беларускіх пісьменніц. У творах Наталкі Бабінай можна вылучыць наступныя акцэнты праблемы мацярынства:

– мацярынства з’яўляецца апраўданнем (своеасаблівым алібі) для тлустай гераіні: я маці, я выканала сваю біялагічную функцыю, таму маю права выглядаць як заўгодна (Н. Бабіна «Дамачкі сярэдніх гадоў»);

– трываласць грамадскага стэрэатыпа, згодна з якім сэнс жыцця жанчыны бачыцца ў мацярынстве і губляецца з немагчымасцю рэалізаваць гэтую прыродную функцыю. Няздольнасць нарадзіць штурхае гераіню апавядання «Дамачкі сярэдніх гадоў» на самазабойства: «Фая не магла вынасіць дзіця. Чатыры разы спрабавала – і чатыры разы справа канчалася больніцай. Выкідышы. Самаадвольныя аборты... Але яна ўдар тымаць умела. Да пары...» [7, с. 83];

– праблематызацыя паняцця «пазашлюбнае мацярынства», якое пераклікаецца з такімі азначэннямі як «усвядомленае / неўсвядомленае» мацярынства. Прыкладам з’яўляецца апавяданне Наталкі Бабінай «Зроблена рукамі Альбіны Юдчыц»: «Маці перастала са мной размаўляць адразу пасля таго, як я паведаміла ёй, што ў мяне будзе дзіця» [7, с. 136]. Маці гераіні якраз і з’яўляецца носьбітам традыцыйных патрыярхатных нормаў, якія «не прымаюць» дзіця па-за шлюбам, нягледзячы на свядомы выбар гераіні. Галоўным у дадзеным кантэксце, на наш погляд, з’яўляецца такі паказчык, як усвядомленае мацярынства, бо важна, як спраўдзіцца жанчына ў ролі маці. А выпрабаванне мацярынствам, як відаць з тэкста, Альбіна Юдчыц праходзіць дастойна;

– руйнаванне стэрэатыпу жанчыны-маці, якая «дае жыццё і аберагае яго». Гераіня апавядання Наталкі Бабінай «Блёкпост» вырашае не нараджаць дзяцей, бо ў яе няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, веры ў сябе, ў бацьку будучага дзіцяці: «А ў мяне дзяцей не было, і я ня ведаю, што такое раджаць. Маглі б быць, і нават не адно. Я тройчы рабіла аборты» [7, с. 134]. Такі выбар жанчыны – своеасаблівы асабісты пратэст у межах патрыярхатнага грамадства. Варта адзначыць, што пісьменніца ніякім чынам не выяўляе свае адносіны да выбару гераіні.

«Супрацьстаяць свавольству гэтай біямашыны»

У творчасці Алены Брава знаходзім крыху іншыя акцэнты ў вырашэнні праблемы мацярынства:

– найперш, гэта магчымасць/немагчымасць сумясціць мацярынскае і творчае, праблема рэалізацыі жанчыны-творцы ў патрыярхатным соцыуме. Алеся з аповесці «Каменданцкі час для ластавак» вырашае пытанне «адвечнай песні» жанчыны, калі патрэбна «раздзірацца напалам паміж Божым і жаночым у табе, паміж дарам і абавязкам...» [8, с. 94] на карысць мацярынства: «Творца ў табе будзе вымушаны заглушаць вобразы, гатовыя нарадзіцца, і толькі калі зусім ужо нельга стрываць, калі...» [8, с. 94];

– праблема мацярынства як праблема ўзаемаадносін жанчыны і яе цела, канфлікту паміж устаноўкамі грамадства і індывідуальным вопытам жанчыны-інтэлектуалкі.

Прыкладам можа служыць аповесць Алены Брава «Рай даўно перанаселены» [15]. Каханне галоўная гераіня аповесці, Люся, звязвае з фізіялагічнай функцыяй чалавечага арганізма, накіраванай на працяг роду. Таму асноўная задача для яе – перамагчы жаданні цела, узяць іх пад кантроль: «Маё цела – частка таго свету, ад якога я хацела б залежаць як мага меней... Магчымасць простага кантакту паміж намі даўно страчана. Зараз я навучылася супрацьстаяць свавольству гэтай біямашыны, а ў юнацтве яна кіравала мной і рабіла, што хацела, ды яшчэ прымушала мой розум бачыць сны наяве...» [15, с. 70].

Гераіня даводзіць свайму арганізму, што больш не паддасца яго жаданням, не дасць сябе падмануць: «Я не стану ў другі раз глядзець навеяны табой цудоўны сон і не асуджу на пакуты невінаватую істоту, выклікаўшы яе з залатой шкарлупіны Вечнасці. Жанчына, стаўшы маці, ужо аддала свой голас ЗА гэты свет; яна не можа яго забраць, не пажадаўшы смерці ўласнаму дзіцёнку. Я не хачу больш міжволі спрыяць умацаванню жорсткасці і крывадушша, якія чыняцца ў свеце іменем усіх маці» [15, с. 70].

Мацярынства як «смирительная рубашка»

Мацярынства як «смирительная рубашка» – такі акцэнт у вырашэнні згаданай праблемы знаходзім у Евы Вежнавец. Для Тэрэзы Змушка, гераіні апавядання «Лялечка – балетніца – каралева – сплетніца» – мацярынства ёсць тое апошняе, што засталося, «каб канчаткова не згубіць сябе ў няскладным жыцці», каб нейкім чынам «прывыкнуць» да жыцця пасля няўдалых спроб змяніць яго і скроіць па ўласных лякалах. Гераіня не ў стане адмяніць прынятую ў грамадстве сістэму каардынат, яна вымушана адпавядаць полавай норме, выконваць адведзеную ёй грамадствам ролю, нават калі зусім не згодная з такім станам рэчаў.

Гераіня Міраславы Навіш, будучы ужо маці, адкрывае для сябе падобную «ісціну»: «Так прыходзіць усведамленне сваёй жаночай існасці. Так адбываецца вяртанне. Маўкліва-тужлівае вяртанне да сябе самой. Вяртанне праз разгубленасць і сумненне. Праз ростані...» [11, с. 202]. Першапачатковы пратэст гераіні і пошук свайго «я», як бачым, разбіваецца аб усведамленне біялагічнай функцыі жанчыны як асноўнай для яе самасцвярджэння ў патрыярхатным соцыуме.

Падсумоўваючы, зазначым, што сучасныя беларускія пісьменніцы ў пэўнай ступені разбураюць легітымны вобраз жаночага цела, што ўкладваецца ў традыцыйныя ўяўленні пра жаноцкасць, не залежна ад таго з’яўляецца гэта свядомай або несвядомай іх устаноўкай.

***

1. Корецкая, Л.Ф. Телесность человека как объект социогуманитарного познания / Л.Ф. Корецкая // Известия Иркутской государственной экономической академии. – 2006. – № 1. – С. 69–74.

2. Щурко, Т. Социология тела на постсоветском пространстве и в Беларуси / Т. Щурко / Гендерный маршрут.

3. Короткая Е. «А цыганская дочь за любимым в ночь?» // Женщины на краю Европы / под. Ред. Е. Гаповой. – Мн.: ЕГУ, 2003. – С. 271–281.

4. Брандт, Г. «Почему вы не пишете? Пишите себя!» (Феминизм и постструктурализм о женском теле и женском письме) / Г. Брандт // Женщина. Гендер. Культура. – М. : МЦГИ, 1999. – С. 142–150.

5. Усманова, А. Беззащитная Венера / А.Усманова // ARCHE: Кабеты. – 1999. – № 3. – С. 221-240.

6. Гапава, А. Жанчыны застаюцца пад кантролем. Альбо ці могуць прыгнечаныя гаварыць?

7. Бабіна, Н. Крыві не павідна быць відна / Наталка Бабіна. – Мінск: І. П. Логвінаў, 2007. – 207 с.

8. Брава, А. Каменданцкі час для ластавак: аповесці, апавяданні / А. Брава. – Мн.: Маст. літ., 2004.

9. Брава, А. Менада і яе сатыры / А.Брава // Маладосць. – 2008. – №№ 9-10. – С. 24–56, 14–19.

10. Навіш, М. Адна / М. Навіш // Пакахай мяне, калі ласка… : зборнік сучаснай жаночай беларускай прозы. – Мінск: Кнігазбор, 2009. – С.183–194.

11. Навіш, М. Ёсць мера любові / М. Навіш // Пакахай мяне, калі ласка…: зборнік сучаснай жаночай беларускай прозы. – Мінск: Кнігазбор, 2009. – С.194–210.

12. Вежнавец, Е. Шлях дробнай сволачы / Ева Вежнавец. – Мінск: Логвінаў, 2008. – 152 с.

13. Евсеева, Л.В. Телесность как топология женской субъективности / Л.В. Евсеева // Вестник Челябинского государственного университета. – 2008. – № 33. – С. 29-36.

14. Хаавио-Маннила, Э., Пурхонен, С., Турунен Т. Стройность и самооценка сексуальной привлекательности: сравнительный анализ культурных идеалов / Э. Хаавио-Маннила, С. Пурхонен, Т. Турунен // В поисках сексуальности. Сборник статей / Под ред. Е. Здравомысловой и А. Темкиной. СПб: «Дмитрий Буланин», 2002. – С. 428–51.

15. Брава, А. Рай даўно перанаселены / А.Брава // Маладосць. – 2012. – № 1. – С. 31–70.

Текст подготовлен совместно с сайтом «Новая Европа» в рамках серии публикаций участниц секции «Гендэрныя "правілы": дыскурсы, палітыкі і практыкі» IV-го Международного конгресса исследователей Беларуси.

Таццяна Фіцнер, Гендерный маршрут