Ці Эліза Ажэшка актуальная для сучаснага фемінізму?

Я пішу гэты тэкст амаль напярэдадні «страйку жанчынаў», які мае адбыцца ў Польшчы 3 кастрычніка 2016 года. Нядаўнія парламенцкія слуханні ў польскім Сейме вакол розных праектаў рэгуляцыі рэпрадуктыўных правоў прывялі да значнага грамадскага рэзананса, дэманстрацый і ідэі правядзення «страйку жанчынаў». Заканадаўства аб абортах у Польшчы з'яўляецца адным з найбольш абмежавальных сярод краін Еўропы. Пры гэтым рэальнае ягонае выкарыстанне тычыцца перадусім жанчынаў з сацыяльна неабароненых групаў, якія не маюць фінансавых і іншых магчымасцей зрабіць аборт нелегальна ў краіне ці за мяжой. Сейм адмовіўся накіроўваць на далейшы разгляд заканапраекты, якія б лібералізавалі гэтую сферу, але накіраваў на далейшы разгляд у камісіі праект, які забараняе аборты ва ўсіх магчымых выпадках (нават калі плод значна пашкоджаны і калі цяжарнасць сталася вынікам гвалту). Частка грамадства ўспрыняла гэты факт як спробу поўнага кантролю за прыватнай сферай жыцця з боку дзяржаўных структураў і адначасова – каталіцкай царквы, частка свецкіх і духоўных прадстаўнікоў якой актыўна лабіруюць прыняцце такіх прававых абмежаванняў.

Якія будуць наступствы «страйку жанчынаў» пакуль сказаць цяжка. Палітычныя падзелы ў польскім грамадстве ў апошнія 10 год сталіся вельмі выразнымі, а частка назіральнікаў адкрыта кажа пра раскол, які тычыцца не толькі палітычных упадабанняў, але таксама спосабаў і арганізацыі жыцця, успрыняцця сацыяльных зменаў і грамадскіх нормаў. Частка грамадства, якая пазіцыянуе сябе як кансерватыўна-каталіцкая палічыла сябе маргіналізаванай на працягу 2007-2015 гадоў і пачала актыўныя дзеянні, каб не толькі выйграць выбары (што ў выніку і адбылося ў 2015 годзе), але таксама падпарадкаваць іншую частку сваім ўяўленням пра мараль і грамадскі парадак з дапамогай новага заканадаўства. Пасля палітычных зменаў 1989-1990 гадоў механізмы сацыяльнага кантролю, часткай якіх былі рэлігійныя нормы перасталі «спрацоўваць» сярод значнай часткі грамадства, якая ўсе менш наведвае нядзельныя богаслужбы, але часта ездзіць за мяжу і больш актыўна пачынае ўключацца ў грамадскае жыццё праз такія формы актывізму як экалагічны рух, розныя урбаністычныя ініцыятывы ці феміністычныя арганізацыі.

Заахвочванне да грамадскай актыўнасці мае ў польскім грамадстве дастаткова доўгую гісторыю. Асабліва важным перыядам быў час падзелаў (канец XVIII – пачатак ХХ ст.), калі праз адсутнасць сваёй нацыянальнай дзяржавы патрэба грамадскага дзеяння была вельмі неабходнай. Паўстанні 1830-1831 гг. і 1863-1864 гг. былі таксама формамі грамадскай актыўнасці, якія не прынеслі ў выніку чаканага выніку. Польская дзяржава тады не адрадзілася, а тая частка польскіх земляў, якія ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі страціла абмежаваную форму аўтаноміі. На гэтым фоне польскія інтэлектуалы пачалі развіваць ідэю «арганічнай працы», якая вынікала з розных інтэрпрэтацый пазітывізму. Сярод значных ідэолагаў і практыкаў гэтай плыні быў Аляксандр Свентахоўскі (1849-1938). Патрэба абмежавання сацыяльных і станавых падзелаў, актыўная падтрымка адукацыі і развіццё ўласных гаспадарчых ініцыятываў былі галоўнымі ідэямі дзеячаў «варшаўскага пазітывізму».

У беларускіх і літоўскіх губернях магчымасці для актыўнай «арганічнай працы» пасля 1863 года былі значна абмежаваныя. Рэпрэсіўныя практыкі расійскіх уладаў не толькі не спрыялі такой актыўнасці, але былі скіраваныя на ўзмацненне падзелаў па рэлігійнай і нацыянальнай прыкмеце. Адсутнасць значных інтэлектуальных цэнтраў (пасля закрыцця Віленскага універсітэта) не спрыяла развіццю грамадскай думкі і стварала ўражанне «правінцыйнасці» жыцця ў Беларусі і Літве.

Адной з самых значных постацей таго часу даследчыкі ў адзін голас называюць Элізу Ажэшку (1841-1910). У Польшчы яе творчасць дастаткова вядомая, яе творы вывучаюцца ў школе, паводле яе кнігаў знятыя кінастужкі, амаль у кожным горадзе ёсць вуліца яе імя. 

Аднак ці Ажэшка не сталася занадта «кананічнай»? Для шматлікіх сённяшніх чытачоў яе творчасць занадта «школьная», нават вельмі «нудная», перанасычаная апісаннямі прыроды і чалавечых учынкаў. Творчасць Ажэшкі можа здавацца неактуальнай і непрыстасаванай для сённяшняга дня.

А што ў Беларусі? Постаць Ажэшкі на працягу ХХ стагоддзя сталася своеасаблівым «месцам памяці» горада Гродна. Амаль кожны гродзенец ведае месцы, звязаныя з яе жыццём, можа нават узгадаць гісторыі з ейнага жыцця, але ці нехта чытаў аповесці Ажэшкі? Са свайго досведу магу сказаць, што амаль кожны негарадзенец, які прыяжджае ў Гродна пра Ажэшку не чуў вогуле (калі канешне не прыехаў з Польшчы). Негледзячы на тое, што пісьменніца нарадзілася і амаль усё жыццё пражыла на беларускіх землях, а яе творчасць была сцісла прывязаная геаграфічна да Гродна і Гродзеншчыны пра яе мала хто з беларусаў даведваецца ў школе. Зразумела, тут спрацоўвае моўны бар'ер і «незалічэнне» яе творчасці да беларускай літаратуры па цалкам зразумелых прычынах. Аднак творчасць Адама Міцкевіча ў беларускай школе вывучацца (і менавіта ў курсе беларускай літаратуры). Я нават памятаю момант здзіўлення беларускіх турыстаў у Кракаве, калі яны пабачылі помнік Адаму Міцкевічу на Рынкавай плошчы і былі шчыра здзіўленыя, што ён там знаходзіцца. Яшчэ большае здзіўленне выклікаў той факт, што Міцкевіч пісаў свае творы па польску. Частка групы актыўна гэтаму запярэчыла і казала, што ён пісаў па беларуску, бо яны яго вершы ў школе вывучалі.

Творчасці Ажэшкі ў гэтым сэнсе не так пашанцавала. Памяць пра яе лакальная, свая, гродзенская, неаддзеленая ад польскасці і не да канца прынятая ў мадэрнай, надэтнічнай беларускасці. Канешне, дасведчаныя спецыялісты змогуць узгадаць пра сустрэчы Ажэшкі і Францішка Багушэвіча, расказаць пра ейную падтрымку паўстанцаў 1863 года, пра тое, як яе творы, адаптаваныя для тэатра ставіліся рознымі беларускімі тэатральнымі калектывамі на пачатку ХХ стагоддзя, а ейнае імя нават атрымала беларускую форму – Алёйза Арэшчыха. Але ці цяпер гэтая спадчына можа быць «адкрытая» нанова?

Ці запатрабаваныя думкі Элізы Ажэшкі для сучаснага грамадства? Ці беларускія актывіст_кі_ы маглі б знайсці ў творчасці Ажэшкі штуршок да дзеяння ці нейкія моманты для натхнення? Ці яе заклікі да эмансіпацыі, актывізму і пашырэння адукацыі пытрэбныя сёння?

Для мяне асабіста важным штуршком для звярнення да творчасці пісьменніцы было прачытанне аповесці «На правінцыі» (першая публікацыя – 1869 г.)[1], дзе шмат аўтабіяграфічных элементаў. Гэтая аповесць не такая вядомая, як напрыклад «Над Нёманам», але паказвае шматлікія думкі пачатковага этапу пісьменніцкага і грамадскага шляху Ажэшкі. «На правінцыі» - гэта своеасаблівы сацыяльны пратэст таго часу. Разлажэнне станавага грамадства, вызваленне сялянаў і культурныя змены сталіся выклікам для часткі шляхты, якая намагалася наблізіцца да стылю жыцця арыстакратыі, але не мела матэрыяльных і культурных сродкаў для гэтага. Аўтарка перадусім канцэнтруецца на праблемах адукацыі і той вялікай розніцы паміж адукацыяй хлопчыкаў і дзяўчынак, якую яна сама добра ведала і назірала ў сваім сацыяльным серадовішчы. Паводле Ажэшкі, недахопы ў адукацыі – гэта пэўны шлях да няўдалага жыццёвага лёсу. Яна паказвала не толькі розніцу паміж больш практычным накірункам адукацыі для мужчынаў і больш гуманітарным кірункам для жанчынаў з дамінаваннем музычнага выхавання і французскай мовы, але пісала пра тое, што жанчыны з рамесных і гандлёвых сацыяльных станаў больш прыстасаваныя да цяжкасцей жыцця і могуць прасцей адаптавацца да пагаршэння сваіх ўмоваў, чым збяднелыя шляхцянкі. Шляхцянкі былі больш залежныя ад мужчынаў і вымушаныя шукаць адпаведна багатага мужа, каб не падзяліць лёс тымчасовай палюбоўніцы ці беднай гувернанткі.

Пры гэтым Ажэшка таксама звяртала ўвагу на адукацыю хлопцаў і заклікала за дапамогай сваёй аповесці да большай актыўнасці. Ажэшка славіць чалавека працы, які заклапочаны сваімі справамі ўвесь дзень, але пры гэтым знаходзіць час для чытання, а не


[1]   Я карыстаўся наступным выданнем: Orzeszkowa E. Na prowincji, Warszawa: Czytelnik, 1965.

толькі для перабывання ў свецкіх салонах. Цікава і тое, што Ажэшка дэманстравала прыклад габрэйскіх жанчынаў, якія больш актыўныя ў прафесійным плане, менш залежныя ад мужа і больш самастойныя ў адрозненні ад часта ізаляваных ад рэшты грамадства шляхцянак. Станавыя бар'еры пісьменніцы выразна перашкаджаюць: яны запавольваюць развіццё, а адсутнасць у маладых жанчынаў анатамічных і біялагічных ведаў вядзе да няведання пра цяжарнасць, асновы апекі над дзецьмі ці пра асноўныя медыцынскія звесткі. Ажэшка выразна пісала пра тое, што такія веды патрэбныя дзяўчыне, маладой жанчыне і не з'яўляюцца нечым «амаральным». Без іх жанчына не толькі не разумее, што адбываецца з яе целам ў час сталення, але таксама неабароненая перад выклікамі мацярынства. Калі казаць сучаснай мовай, то Ажэшка заклікала да сексуальнага выхавання і распаўсюджання ведаў пра чалавечую сексуальнасць сярод моладзі. Для другой паловы ХІХ стагоддзя такія заклікі былі напэўна «амаральнымі» і сведчылі пра «скандальную» рэпутацыю пісьменніцы. Але ці зараз у грамадствах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пытанне сексуальнай адукацыі ў школах не выклікае гвалтоўных спрэчак і таксама абвінавачвання ў «амаральнасці»?

Досвед гераіні аповесці «На правінцыі», якая нечакана пакахала, была выдадзеная замуж ў вельмі юным узросце, перажыла складаную цяжарнасць і смерць дзіцяці, а таксама была пазбаўленая сродкаў да жыцця праз негаспадарнага маладога мужа, які ў выніку яе пакінуў і паехаў «шукаць шчасця» у абдымках іншых жанчынаў – паводле Ажэшкі павінен быў паказаць патрэбу ў змене сацыяльных нормаў, звычаяў і адукацыі.

Праца Ажэшкі «Некалькі словаў пра жанчынаў» (я карыстаўся адаптаваным львоўскім выданнем 1873 года)[1] мае перадусім публіцыстычны характар. Аўтарка тут не мае патрэбы ў нейкім спецыяльным літаратурным афармленні сваіх думак, не выкарыстоўвае фікцыйныя постаці і не апісвае прыгажосць наднёманскіх вёсак і мястэчак. Сацыяльныя патрэбы грамадства і адаптацыя да іх жанчынаў – у цэнтры ўвагі. Пісьменніца не толькі пісала пра тое, што «жанчына – гэта роўны мужчыне чалавек», але звяртае ўвагу на яе сацыяльную ролю. Адукацыя ў ейных развагах займае тут не апошняе месца. Ажэшка не толькі крытыкуе праграму навучання для дзяўчынак, якая перанасычаная непрактычнымі ведамі (тут зноў на першым плане выступаюць музыка, спевы і французская мова), але таксама паказвае хібы ў адсутнасці фізічнага выхавання дзяўчынак. Адсутнасць фізічных практыкаванняў, руху на свежым паветры і свядомасці свайго цела прыводзіць, на думку пісьменніцы да пашыранага ў грамадстве стэрэатыпу жанчыны, як кволай, слабой і няздольнай да дзеяння істоты. Мужчыны, якія робяць з жанчынаў «анёлаў ці кветкі» не бачаць у ёй чалавечнасці. Культурныя стэрэатыпы ў выніку адбіваюцца некарысна на далейшым жыцці жанчыны, якая змушаная да залежнасці не мае магчымасці зарабіць на жыццё пасля нейкага лёсавага выпадку.

Цікава, што крытыка хібаў жаночай адукацыі ў тым самым часе (толькі па трошкі іншых ідэйных меркаваннях) вялася з боку праваслаўных актывістаў, якіх цяпер называюць прыхільнікамі «заходнерускай» ідэі. Аўтары гэтага напрамку таксама заклікалі да больш практычнага навучання і адмаўлення ад перанасычаных музычнымі практыкаваннямі і французскай граматыкай заняткаў[2]. Ажэшка таксама піша пра прыклады добрай адукацыйнай практыкі, у прыватнасці пра першыя тады дзіцячыя садкі, якія пашыраліся на нямецкіх землах. Дзіцячыя садкі давалі не толькі магчымасць больш рознабаковага развіцця дзяцей і лепшай сацыяльнай адаптацыі, але таксама дазвалялі жанчынам знайсці працу па-за домам. Важным момантам развагаў аўтаркі з'яўляецца размова пра працу, якая для яе не толькі сродак для ўтрымання і задавальнення сваіх патрэбаў, але перадусім важны маральны і грамадзянскі абавязак. Для Ажэшкі вобраз «нібыта-эмансіпанткі», якая толькі сядзіць у свецкіх салонах і разважае пра роўнасць і «пагружаецца ў распусту» становіцца запярэчаннем жанчыны-актывісткі, якая праз ўласны прыклад хоча змяняць грамадства.


[1]   Orzeszkowa E. Kilka słów o kobietach, Lwów: nakładem A. J. O. Rogosz, 1873, (доступ 30. 09. 2016).

[2]   Гл. больш падрабязна: Ціхаміраў А.  Жаночыя вобразы ў "заходнерускай" нарацыі // Homo Historicus 2012. Гадавік антрапалагічнай гісторыі, пад рэд. А. Смаленчука, Вільня: ЕГУ, 2012, с. 69-88.

Ці Эліза Ажэшка была феменістычнай пісьменніцай? Эмансіпацыйны выклік яе творчасці нельга запярэчыць. Заклікі для роўнасці і абмежавання сацыяльных бар'ераў былі неад'емнай часткай яе творчасці. Яна была не проста пісьменніцай памежжа, якая не толькі бачыла габрэяў, беларускіх сялянаў і рэпрэсіўную сутнасць тагачаснай імперскай улады, але таксама актывісткай, якая намагалася выкарыстоўваць свой аўтарытэт і вядомасць для змены грамадскай думкі.

Думкі Ажэшкі здольныя заахвоціць сучасных польскіх актывістак да развагаў наконт сэнсу і патрэбы грамадскага дзеяння. Адна з польскіх блогерак, якая хаваецца пад нікам socjopatyczna_malkontentka 24 траўня 2006 года ў тэксце «Ажэшка ў думках, або манструацыйныя развагі»[1] пісала: «я вяртаюся да Ажэшкі, да працы ля падставаў, да саміх пачаткаў». Блогерка звяртае ўвагу перадусім на тое, што шмат людзей баіцца самога слова «фемінізм», а шмат жанчынаў кажа, пра тое, што не мае нічога супольнага з гэтай плынню і не хоча быць феміністкамі. «Чаму мой адукаваны калега лічыць фемінізм своеасаблівай формай фашызму?». Аўтарка, абапіраючыся на развагі Ажэшкі з «Некалькіх словаў пра жанчынаў» заклікае пачаткова растлумачыць грамадству «алфавіт», а потым толькі перайсці да «літаратурнай крытыкі» (то бок: феміністычнага аналіза).

«Жанчына – гэта марнасць  істота з паветра, ці яна – чалавек? Тое, што я маю матку і яечнікі робіць мяне горшай? Апошнім часам я чытала забаўны тэкст пра тое, што б было, калі б мужчыны мелі менструацыю». «Палова света мае менструацыю», «я – жанчына і маю менструацыю. Кропка. Таксама, як ты – мужчына і згольваеш бараду на шчацэ, або з гонарам яго паказваеш. Я – не анёл, кветка, лялька, я – жанчына, я маю права на ўласнае цела». Блогерка піша далей: «я – чалавек, і адначасна не чалавек, бо здараецца так, што мае паводзіны тлумачацца толькі праз перспектыву фізіялогіі млекакормячага – самкі. Як быццам бы я не мела мозгу, а толькі матку, крывавую рану і была рэдукаваная толькі да яе». «Мая кроў. Кроў і эпітэлій паловы света. […] Мы ўсе, дзякуючы гэтай крыві прыйшлі на гэты свет. А цяпер нават нельга рэкламаваць тампонаў падчас візіта папы рымскага. Бо гэта непрызваіта, а да таго ж папа не мае менструацыі. Але Марыя – маці Ісуса, яе мела. Таксама як я. Можа менавіта тут пачынаецца фемінізм. Можа менавіта тут трэба заўважыць пагарду і бунт. Жанчына носіць у сабе першародны грэх, які перадае праз нараджэнне патомства, падя яе прыгожай скурай схаваны бруд. […] Мужчыны пралівалі кроў ганарова, на палях бітваў, а жанчыны – стыдліва, у цішыне дома, штомесяц. Нехта скажа, што гэта не тое самае. Я адпавяду: а ты адчувала/адчуваў калісьці, як быццам бы нехта ўбіваў табе ў яечнікі вялізныя іглы? І так ўвесь дзень? Пры гэтым адначасова трэба было напісаць кантрольную па матэматыцы і адказаць ля дошкі на геаграфіі? Я толькі хачу ведаць, што быць жанчынай цудоўна не толькі таму, што я нашу высокія абцасы, сэксі-карункавы бюстгальтэр і панчохі. Я хачу таксама ведаць, што цудоўна быць жанчынай таму, што я купляю тампоны ў аптэцы. Бо па-сапраўднасці гэта з'яўляецца сэнсам жаноцкасці. Мая кроў, твая кроў, яе кроў».

Блогерка апапіраючыся на развагі Ажэшкі сягае не толькі да «пачаткаў», яна значна больш радыкальна піша пра сэнс быцця феміністкай зараз, піша пра сваё цела і пра права ім распараджацца.

Гісторык літаратуры Анджэй Раманоўскі працуючы над кнігай «Пазітывізм ў Літве»[2] шмат ўвагі прысвяціў постаці Ажэшкі. Некалькі год пазней, пішучы пра пісьменніцу ў тыднёвіку «Polityka» ён назваў яе «скандалісткай з-над Нёмана». Ажэшка ў інтэрпрэтацыі Раманоўскага пражывае розныя этапы свайго жыцця: бунтаўніцы, грамадскай актывісткі (па польску społecznica, па расійску – общественница), рэалісткі, вайдэлоткі (жрыцы балцкіх паганскіх багоў) і самотніцы. Дылемы літаратуразнаўцы вакол Ажэшкі таксама закранаюць праблему маскулінізацыі культуры і адпаведнага ёй выкліку, які праз дзеянні Ажэшкі быў адназначна «скандальны» для ХІХ стагоддзя.


[1]   (доступ 30. 09. 2016).

[2]   Romanowski A. Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864-1904 , Kraków 2003.

Творы Ажэшкі могуць атрымаць і зусім нечаканую інтэрпрэтацыю. Марта Канажэўска[1] пішучы пра літаратурныя творы, якія чытаюцца ў польскай сярэдняй школе звярнула ўвагу на зусім нечаканы для яе эфект развагаў над адной з постацей аповесці «Gloria victis» (першае выданне – 1910 г.). Твор, прысвечаны паўстанню 1863 года, класічны, амаль «нудны» для разгляду пасля аднаго пытання вучняў аказаўся не такім адназначным. Адзін з герояў Ажэшкі, хлопец з вельмі далікатнымі манерамі, кволы і нібыта з «эфіру» называецца часам з дапамогай феменатыва. Аўтарка артыкула задаецца пытаннем: што хацела паказаць пісьменніца з дапамогай гэтай постаці? Ці сапраўды нацыянальная мартыралогія патрабуе тут мужчынскай і жаночай крыві? Ці Марысь/Марыся з «Gloria victis» - гэта нейкі намёк на трансгендэрнасць ці, прынамсі, на гендэрную невызначанасць?[2]

Творы і постаць Элізы Ажэшкі да сёння могуць выклікаць цікавасць не толькі літаратуразнаўцаў ці гісторыкаў. Актывіст_кі_ы могуць таксама чэрпаць з яе натхнення і з літаратурных (і не толькі) постацей. Ці варта прачытаць Ажэшку праз прызму беларускай сучаснасці? Ці варта звярнуць увагу на заклік да большай адукацыі ва ўмовах культуры перыферыі і спажывання візуальных сэнсаў? Ці развагі пра нацыянальнае і жаночае/мужчынскае могуць быць дапоўненыя вопытам прачытання тэкстаў Ажэшкі? Ці яна станецца таксама «канонам», як Адам Міцкевіч?


[1]   Konarzewska M. Postacie genderowo niepewne w lekturach szkolnych // Gender. Przewodnik Krytyki Politycznej, Warszawa 2014, s. 448-465.

[2] Тамсама, s. 448-450.

Доклад был сделан в рамках VI Международного Конгресса исследователей Беларуси в Каунасе (Литва) на секции 4 Гендарныя даследаванні/ Gender studies 

Андрэй Ціхаміраў, Гендерный маршрут